ТАБЛІ́ЦЫ МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ,
сукупнасць значэнняў пэўнай функцыі для некаторых значэнняў яе аргументаў. Асн. характарыстыкі: ступень дакладнасці (4, 5 і больш знакаў у значэннях функцыі), дыяпазон значэнняў аргументаў і крок (рознасць паміж суседнімі значэннямі аргументаў). Для прамежкавых значэнняў аргументаў значэнні функцый знаходзяць з дапамогай інтэрпаляцыі і экстрапаляцыі (лінейнай ці квадратычнай). Выкарыстоўваюцца як дапаможны выліч. сродак пры разліках у матэматыцы, астраноміі, тэхніцы і інш.
Некаторыя Т.м. (табліцы здабыткаў натуральных лікаў, іх квадратаў, кубаў і інш.) з’явіліся ў Вавілоне за 2 тыс. г. да н.э. Першыя табліцы трыганаметрычных функцый складзены ў Стараж. Грэцыі Пталамеем (2 ст.), дзе прыведзены даўжыні хордаў, што адпавядаюць дугам ад 0 да 180° з крокам 30′. Вядомыя таксама табліцы трыганаметрычных функцый, складзеныя у 5—11 ст. арабскімі, сярэднеазіяцкімі і індыйскімі вучонымі. У Еўропе Т.м. пачалі з’яўляцца ў 15 ст. У 7-значных табліцах Рэгіямантана, дзе выкарыстоўвалася дзесятковая сістэма лічэння, праведзены значэнні сінуса з крокам 1′. Вылічвалі і выдавалі Т.м. таксама М.Капернік (1543), І.Кеплер (1604). І.Ньютан (1658) і інш. Табліцы натуральных лагарыфмаў вылічаны Дж.Неперам (1614) і блізкія да іх табліцы — І.Бюргі (1620); табліцы дзесятковых лагарыфмаў — Г.Брыгсам (1617). У 18—19 ст. з’явіліся табліцы спец. функцый: дзесятковых лагарыфмаў гама-функцыі (К.Ф.Гаўс; 1813), дзесятковых лагарыфмаў поўных эліптычных інтэгралаў (А.М.Лежандр; 1816), цыліндрычных функцый (Ф.В.Бесель; 1826, Э.Ломель; 1868) і інш. З развіццём выліч. тэхнікі ў 20 ст. пачалі вылічваць і выпускаць у асн. высокадакладныя (да 30 і больш знакаў) табліцы спец. і інш. класаў функцый, аднак пры гэтым значэнне Т.м. значна зменшылася. Існуюць таксама Т.м. інтэгралаў, функцый, ураўненняў і інш. матэм. аб’ектаў.
Літ.:
Крылов В.И., Лугин В.В., Янович Л.А. Таблицы для численного интегрирования функций со степенными особенностями... Мн., 1963;
Брадис В.М. Четырехзначные математические таблицы. 44 изд. М., 1973;
Градштейн И.С., Рыжик И.М. Таблицы интегралов, сумм и произведений. М., 1962.
Л.А.Яновіч.
т. 15, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)